КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БАЛЬШАВІКО́Ў) ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ [КП(б)ЛіБ]. Утворана ў выніку аб’яднання Камуніст. партыі
(бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі з прычыны аб’яднання Літвы і Беларусі ў адзінае дзярж. ўтварэнне — Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). На аб’яднаўчым з’ездзе 4—6.3.1919 у Вільні [гл. Другі з’езд КП(б)Б] выбраны ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, які 8.1.1919 стварыў Прэзідыум ЦК партыі ў складзе В.С.Міцкявічуса-Капсукаса (старшыня),
В.Г.Кнорьша, З.І.Ангарэціса, А.Ф.Мяснікова, Я.Г.Далецкага, С.В.Іванова. 24.4.1919 Прэзідыум ЦК КП(б) ЛіБ падзелены на Палітбюро і Аргбюро ЦК КП(б) ЛіБ. З прычыны наступлення польск. войск Палітбюро ЦК КП(б) ЛіБ у крас. 1919 абвясціла рэспубліку на ваен. становішчы і пачало мабілізацыю ў армію камуністаў, камсамольцаў і спачуваючых. Аднак наладзіць актыўнае супраціўленне польск. войскам не ўдалося. 21.4.1919 польск. войскі захапілі сталіцу Літбела Вільню, 8 жн. — Мінск, да вер. 1919 — усю тэр. рэспублікі. Пасля акупацыі Мінска ЦК КП(б) ЛіБ пераехаў у Бабруйск, потым у Смаленск, адкуль кіраваў падп. і партыз. рухам. 3.9.1919 створана Бюро па нелегальнай рабоце (старшыня Міцкявічус-Капсукас). На акупіраванай тэрыторыі выдаваліся газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Komunistas» («Камуніст», літ.), «Młot» («Молат», польск.). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў (ліп.—жн. 1920) ЦК КП(б) ЛіБ вярнуўся ў Мінск, дзе ўжо дзейнічала Мінская губ. парт. арг-цыя. 30.7.1920 створаны Мінскі губ. к-т КП(б) ЛіБ. Пасля прыняцця 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь Аргбюро ЦК РКП(б) 9.8.1920 прыняло пастанову аб перайменаванні Мінскага губ. к-та КП(б)ЛіБ, захаваўшы агульную назву партыі — КП(б) ЛіБ, у Цэнтральнае Бюро КП(б)Б. У пач. вер. 1920 ЦБ КП(б) унесла ў ЦК РКП(б) прапанову аб ліквідацыі КП(б) ЛіБ і стварэнні ў рамках РКП(б) Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі і Кампартыі (бальшавікоў) Літвы. 8.11.1920 ЦК КП(б)Б вырашыла наступную парт. канферэнцыю назваць Трэцім з’ездам КП(б)Б.
В.І.Талкачоў.
т. 7, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)